Управление по образованию, спорту и туризму
Дзержинского районного исполнительного комитета

Наш сайт находится в процессе переноса на новую платформу и более не обновляется.
Новый адрес сайта Управления по образованию, спорту и туризму Дзержинского райисполкома:  uo.schoolnet.by

Региональная сеть УМК Виртуальный музей
Главный адрес электронной почты! ;)
Оглавление
Стоп спайс!

Stop spice!

/images/rcit/07.2016/nezavis.jpg

 

.:  :.

/images/Turbaza.jpg
 


Метадычныя рэкамендацыі па правядзенні ўрока «Быць дзяржынцам – гэта гонар!» першага верасня 2015 года

Мэта ўрока: фарміраваць у вучняў грамадзянскасць і патрыятызм, сацыяльную творчую актыўнасць, лідарскія якасці, імкненне быць карысным людзям, роднаму гораду, раёну, краіне.

Задачы:  

*адукацыйная: развіццё патрыятызму ў свядомасці вучняў да малой радзімы, паглыбіць веды вучняў пра станаўленне сучаснай дзяржаўнасці, гісторыі, дасягненні Дзяржынскага раёна;

*выхаваўчая:  паказаць школьнікам ролю беларускай дзяржаўнасці;  ствараць аб’ектыўную аснову для выхавання і любові да роднага  краю, імкнення ўнесці свой уклад у паскоранасць сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, удасканальваць навыкі зносін;

*развіццёвая:  развіваць уменне працаваць з разнастайнымі крыніцамі інфармацыі; фарміраваць навыкі крытычнага мыслення; уменне аналізаваць, выдзяляць галоўнае, параўноўваць, абагульняць і рабіць вывады, развіваць памяць, увагу.

Месца правядзення: раённы гісторыка-краязнаўчы музей, кінатэатр, школа, школьны музей, дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Госць мерапрыемства: прадстаўнік дзяржорганаў  кіравання, дэпутат, спартсмен, дзеяч культуры, старшыня сельскага савета, кіраўнік прадпрыемства аграпрамысловай сферы і т.п.

 

Падрыхтоўчая  работа

Неабходна  папярэдне рашыць усе арганізацыйныя пытанні па правядзенні экскурсіі, запрашэнні гасцей.

Зараней педагог дае вучням заданне: вывучыць інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным развіцці Дзяржыншчыны, падрыхтаваць  пытанні для дыялогу з госцем, узяць інтэрв’ю ў жыхароў горада (населенага пункта).

Да ўрока можна правесці выставу, падрыхтаваную вучнямі, педагогамі ўстановы адукацыі, звязаную з тэмай урока.

Урок праводзіцца ў інтэрактыўным рэжыме,  прадугледжвае папярэднюю  падрыхтоўку, патрабуе  ад  настаўніка мабільнасці і крэатыву.

 

         Прыкладны ход урока (II  і III ступені  агульнай сярэдняй адукацыі)

                                              

                              Там Беларуси выше всей     

земля Дзержинщины моей…

 

                                                                                                              Много мест на земле есть известных,

                                                                                                              Городок, где сегодня живём.

                                                                                                              Только тянется с нежностью сердце

                                                                                                              В край, где любит и ждёт отчий дом.

                                                Л.Круглик

 

Перад пачаткам урока дэманструецца  відэаролік «Дзяржынск».

Вучні выконваюць гімн Дзяржыншчыны.

 

У жыцці ўсіх людзей ёсць святлейшыя словы

З рамонкавых раніц, да сініх зарніц.

Дзяржынск! Ты радзімы любімай аснова,

Ты водар празрыстых і чыстых крыніц.

         Прыпеў:

Слаўся, Дзяржыншчына!

Слаўся, наш горад.

Найвышшы куток беларускай зямлі.

Квітней і расці на свабодных прасторах.

На шчасце ўсім нам і нашчадкам жыві.

 

Дзяржынск – гэта дух змагароў за свабоду,

Адаўшых усе сілы ў цяжкія дні.

Дзяржынск – гэта памяць у сэрцы народа.

Ушаноўваем свята свае карані.

         Прыпеў

Дзяржынск – ты братэрства і прагна стварэння

І ў працы, і ў свяце адзінай сям’ёй.

Дзяржынск! Маладзее тваё пакаленне,

І маем правы ганарыцца табой.

         Прыпеў

                                                             Марыя Кляміхіна.

 

Уступнае слова настаўніка

Настаўнік. Добры дзень! Сёння ў нас важная нагода для сустрэчы – Дзень ведаў. І па традыцыі першы ўрок у навучальным годзе прысвечаны нашай роднай Дзяржыншчыне “Быць дзяржынцам – гэта гонар!”.

Так, мы  жывём, вучымся і працуем у Дзяржынскім раёне.

Дзяржынскі раён размешчаны ў цэнтральнай частцы Мінскай вобласці. Утвораны 17 ліпеня 1924 года. Плошча раёна складае 1,2 тысяч квадратных кіламетраў. Насельніцтва  – 61,8 тыс. чалавек. Тэрыторыя раёна ўключае горад Дзяржынск (раённы цэнтр) з насельніцтвам 26, 1 тыс. чалавек, горад Фаніпаль – 13,3 тыс. чалавек, гарадскі пасёлак Негарэлае. У раёне 276 населенных пунктаў. Раён размешчаны ў межах Мінскай узвышанасці і Стаўбцоўскай раўніны.  Дзяржынскі раён з’яўляецца водаразделам двух буйных  водных басейнаў – Чарнаморскага і Балтыйскага. Рака Уса, якая бярэ свой пачатак у падножжы гары Дзяржынскай, упадае ў Нёман і далей – у Балтыйскае мора.  Рака Пціч, якая таксама мае  выток побач з гарою,  упадае  ў раку Свіслач, і далей воды рэк  упадаюць у Чорнае мора. Па тэрыторыі г.Дзяржынска працякае рака Няцеча, праходзіць чыгунка і аўтамагістраль Мінск – Брэст.

Дзяржыншчына – самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі.

Сёння Дзяржынскі раён – гэта сучасны, развіты рэгіён Беларусі, для якога характэрна стабільнасць эканомікі, якасныя змены ў прамысловасці і аграрным сектары. Прадукцыя шэрагу прадпрыемстваў Дзяржыншчыны шырока вядома не толькі ў Беларусі і краінах СНД, але і ў далёкім  замежжы.

Самым вялікім багаццем нашага краю з’яўляюцца людзі, працавітыя  і таленавітыя, якія праславілі свой горад ваеннымі подзвігамі ў мінулым; людзі, якія ствараюць цяперашняе, закладваючы фундамент будучага.

Мы ганарымся нашай малой радзімай, любім яе і спадзяёмся, што гэту любоў раздзеліць з намі кожны, хто хоць аднойчы наведае гэту гасцінную зямлю. Уявіце, што вы – экскурсаводы. Вам патрэбна правесці экскурсію для нашых гасцей (ІНТЭРАКТЫЎНАЯ ГУЛЬНЯ, суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй). Разгортваем старонкі гісторыі, асаблівыя для нашага раёна.

На тэрыторыі Дзяржынскага раёна размешчана найвышэйшая кропка ў Беларусі – гара Дзяржынская (345 метраў над узроўнем мора).

Раённы цэнтр  адзіны ў рэспубліцы, які мае тры назвы – Дзяржынск, Крутагор’е, Койданава. 3 ліпеня 2016 года мы адзначаем 870-годдзе Дзяржынска.  Першая назва “Крутагор’е” (1146 год), так як паселішча размяшчалася ў пагорыстай мясцовасці. Наш райцэнтр – месца старадаўняе, абжытае, бярэ пачатак ад сівой даўніны. Прынята лічыць афіцыйнай датай  яго заснавання 1146 год. І хаця гэта лічба, як і першая назва паселішча – Крутагор’е, маюць міфалагічны і супярэчлівы характар, але і яны ўскосна  пацвярджаюць паважаны ўзрост нашага горада. Назва “Койданава”, паводле апошняй версіі,  паходзіць ад старабеларускага слова “кеда”. Кеда – гэта каваль. На Беларусі слова “кеда” трансфармавалася ў слова “койда” – той жа каваль. А на Койданаўшчыне, як вядома, людзі здабывалі руду, аб чым сведчаць назвы вёсак – Рудня, Новая і Старая Рудзіца, Дзягільна. Так і ўзнікла назва “Койданава” – пасяленне кавалёў. Трэцюю назву горад атрымаў 29 чэрвеня 1932 года, калі Прэзідыум ЦВК СССР задаволіў хадайніцтва Прэзідыума ЦВК БССР і перайменаваў Койданаўскі раён у Дзяржынскі, а горад Койданава – у Дзяржынск (у гонар старшыні Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі Ф.Э. Дзяржынскага, які нарадзіўся непадалёк).  На тэрыторыі сучаснага Дзяржынскага раёна чалавек з’явіўся ў эпоху мезаліту – сярэднекаменнага веку (9-5 тыс. г. да н. э.). У Х стагоддзі цэнтральную Беларусь, куды ўваходзіла тэрыторыя Дзяржынскага раёна, паступова засяліла племя дрыгавічоў. Гэтыя землі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. На тэрыторыі рассялення дрыгавічоў захавалася нямала археалагічных помнікаў:  гарадзішча, селішча, курганныя могільнікі. Іменна  адно такое гарадзішча і было на тэрыторыі сучаснага  горада. Спачатку месца, дзе знаходзілася старажытнае гарадзішча, называлі ў народзе “Акопішча”, з ХVІ ст. “Гаштольдава гара”, калі мястэчкам валодаў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхт Гаштольд.

Для роздуму… Дзяржынск  лічыцца пераемнікам Койданава, але прымяняць да яго азначэнне  “старажытны” будзе некарэктна.  Нарадзіўшыся ў новую эпоху, ён не толькі  атрымаў статус горада і іншую назву, але і цалкам адрокся  ад свайго  буржуазна-памешчыцкага мінулага. Тады былі зачынены ўсе малельныя дамы, касцёл і царква ператвораны ў клубы, вуліцы атрымалі назвы герояў рэвалюцыйных перамен, а агароджу з цэглы вакол Кальвінскага збору разабралі на будаўніцтва паліклінікі. Такім чынам, ад былога Койданава засталася, бадай што, толькі назва чыгуначнай станцыі.  Абвінавачваць людзей таго часу за такі радыкалізм, можа, і не варта, бо яны, ахопленыя новымі ідэямі, марылі пра светлае будучае, якое будавалі на руінах мінулага. Але сёння мы, нашчадкі тых, хто браў на сябе місію “будаўнікоў камунізму”, больш спакойна адносімся да свайго мінулага. Для нас яно звязана, у першую чаргу, з матэрыяльнай культурай, да якой  трэба ставіцца з павагай. І сёння шмат робіцца ў гэтым кірунку. Але наш юны Дзяржынск апынуўся ў ролі Івана, не памятаючага радства. А мы добра ведаем, якія вырастаюць дзеці, калі яны трапляюць у асяроддзе, дзе страчана сувязь пакаленняў і не захоўваюцца належныя сямейныя традыцыі. Так і наш горад можа згубіць  свой твар, сваю індывідуальнасць. Таму пара і яго далучыць да сваіх старажытных каранёў. У святле зменаў, звязаных з рэкантрукцый вуліц і будынкаў, з узвядзеннем новых жылых мікрараёнаў, такая сувязь з гістарычным мінулым можа адыграць станоўчую ролю не толькі ў плане надання яго вобліку своеасаблівага каларыту, але і выхаванне ў жыхароў пачуцця гонару і павагі да тога месца, дзе ім наканавана жыць і працаваць).

Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы 18 сакавіка 1921 года Дзяржаўная мяжа паміж РСФСР і Польшчай працягласцю каля 40 км праходзіла па тэрыторыі Койданаўшчыны. Чыгуначная станцыя “Негарэлае” стала пагранічнай. У той час гэта назва была пазначана на многіх геаграфічных картах свету. Станцыя выконвала ролю прамежнага звяна чыгуначных зносін паміж Еўропай і Далёкім Усходам. З Негарэлага ва Уладзівасток, Іркуцк ішлі цягнікі (транссібірскі экспрэс “Негарэлае – Манчжурыя”); існаваў міжнародны экспрэс “Парыж – Негарэлае”. Праз Негарэлае праязджалі выдатныя дзеячы навукі і культуры. Яны спыняліся тут, хадзілі па вуліцах, размаўлялі з жыхарамі. У 1920-ых – 1930-ых гадах чатыры разы праязджаў Максім Горкі. Уладзімір Маякоўскі пакінуў радкі ў вершы “Яны і мы”:  “На гарызонце – белае, снягі і Негарэлае”. Тут сустракалі таксама Валерыя Чкалава, Анры Барбюса, Ота Шміта.

У лютым 1930 года ў Койданаве была арганізавана першая ў рэспубліцы машынна-трактарная станцыя. Рашэнне аб будаўніцтве МТС менавіта ў Койданаве мела не толькі эканамічныя, але і палітычныя перадумовы. Койданаўскі раён быў пагранічным, і было важна, каб працэс калектывізацыі сельскай гаспадаркі адбываўся паспяхова.

У 1932 годзе ў Койданаўскім раёне праводзіцца эксперымент: на прыкладзе асобна ўзятага раёна тут будуецца мадэль будучай сацыялістычнай Польшчы. Ініцыятарамі эксперыменту выступілі польскія камуністы Ф. Кон і Ю.Мархлеўскі. 15 сакавіка 1932 года першапачаткова Койданаўскі, а затым Дзяржынскі раён быў абвешчаны нацыянальна-польскім. Для дэтага быў штучна завышаны працэнт польскага насельніцтва ў раёне. Усе жыхары Койданаўскага раёна каталіцкага веравызнання былі запісаны палякамі. У раёне былі ўтвораны нацыянальна-польскія сельскія саветы, польскія школы, польскі тэхнікум. У Дзяржынску нават працаваў польскі калгасна-саўгасны тэатр, выходзіла раённая газета на польскай мове.

 Эксперымент праваліўся. У 1937 годзе   кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй Дзяржынскага райвыканкама Вансоўскім было арыштавана, яго ўдзельнікі былі аб’яўлены “польскімі шпіёнамі”. Дзяржынскі раён расфарміраваны і толькі ў 1938 годзе адноўлены ў былых межах.

Госць задае пытанне: “А якія прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці вы рэкамендавалі б наведаць?”

Экскурсавод. Дзяржынскі эксперыментальна-механічны завод, які ўваходзіць у склад МАЗа, і ААТ “Дарбудіндустрыя”, якое вырабляе матэрыялы для дарожнай тэхнікі.

Госць. А якое самае буйное з так званых вала- і горадаўтваральных прадпрыемстваў?

Экскурсавод. ААТ “Агракамбінат Дзяржынскі”.

Госць. У чым унікальнасць рэгіёна ў эканоміцы?

Адказ: “У эканоміцы пераважае прыватны бізнес”.

 Пытанне: “Якія прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці добра вядомы па-за межамі раёна?”

Адказ: ТАА “Салеа” (вытворчасць помпаў-дазатараў), ПУП “МАВ” (лакафарбавая вытворчасць), ТАА “Інтэка-майстар” (вытворчасць халадзільнага абсталявання), ТАА “Тэхнарол” (выпуск абсталявання для швейнай вытворчасці), ТАА “Таспа-Ф” (вытворчасць радыятараў для аўтатрактарнай тэхнікі).

Госць. Дзе б вы парэкамендавалі нам з сям’ёй адпачыць у раёне?

Экскурсавод.  Калі ласка, наведайце ТАА «Сервісны цэнтр “Веста”» або, каб цікава правесці дзень, –  парк актыўнага адпачынку “Якуцкія горы” ў вёсцы Якуты і парк забаў “Крутагор’е” ў вёсцы  “Пярхурава”, а таксама цэнтр экалагічнага турызму “Станькава”. На тэрыторыі экацэнтра “Станькава” знаходзяцца два ваенна-гістарычныя комплексы – “Мінскі ўмацаваны раён” і “Партызанскі лагер”,     ёсць шэраг заалагічных пляцовак, конеферма, фермы па развядзенні, утрыманні і паказе хатніх і дзікіх птушак і жывёл, адчынены два кафэ. У зімовы час тут праводзяцца анімацыйная навагодняя праграма. Турысты могуць наведаць кінатэатр “5D”, лазерны цір, пастраляць з арбалета. У раёне працуе 17 суб’ектаў аграэкатурызму. Раім Вам наведаць і адпачыць у такіх цудоўных мясцінах, як аграсядзібы: “Вясёлый вугал”, “Асалода”,  “Шале”, “У Ірыны”,  “Аляксандра”, “Шышкін дом”, “Сакавец У.І.”.  Аматарам актыўнага адпачынку на прыродзе прапануецца разнастайны спектр паслуг. Яны могуць скарыстаць баню або саўну, пакатацца на кані, веласіпедзе, квадрацыкле, папаляваць або парыбаліць, паўдзельнічаць у майстар-класе па кулінарыі ці шыцці , зрабіць вандроўку па цудоўных  цікавых мясцінах, камфартабельныя ўмовы пражывання.

Госць. Мой сын марыць пераехаць жыць у ваш раён. Яму вельмі падабаецца прырода, людзі, але ён хвалюецца, ці зможа ўладкавацца на работу. Раней працаваў  вадзіцелем аўтапоезда “Інтэртрансаўта”, перавозіў грузы з гарадоў Галандыі, Бельгіі і г.д.

Экскурсавод. Хвалявацца не трэба. У нас працуе ТАА “Інтэртрансаўта”, якое займаецца міжнароднымі аўтаперавозкамі па краінах СНД і Заходняй Еўропы.  У яго парку 150 аўтамабіляў, у холдынгу працуе звыш 300 чалавек. А яшчэ ў Фаніпалі ўзведзен завод швейцарскі холдынг Stadler Rail ( вытворчасць электрапаяздоў). Наогул Фаніпаль – горад з самай вялікай канцэнтрацыяй розных форм бізнесу на душу насельніцтва. Для гарадка з 13-тысячнай колькасцю насельніцтва пералік актываў, якія змешчаны ў яго межах, значны.

Госць. Калі мы назіралі за ваколіцамі Дзяржынска, то заўважылі, што ідзе інтэнсіўнае будаўніцтва. Мы думаем звязаць свой лёс з Дзяржынскім раёнам і пабудаваць уласнае жыллё. У якую будаўнічую арганізацыю вы б раілі  звярнуцца?

Экскурсавод. Вядучыя будаўнічыя арганізацыі – ДУП “ПМК 190”, ТАА “СмарТэкРэгіёнБуд”, ААТ “Дзяржынскае домабудаўнічае ўпраўленне”.

Госць. У магазінах я бачу свежую, якасную мясную і малочную прадукцыю. Напэўна, у вас добра развітая сельская гаспадарка.

Экскурсавод. Так. У нашым рэгіёне паспяхова працуюць ААТ “Агракамбінат ‹‹Дзяржынскі››” і яго філіялы, ААТ “Крутагор’е-Петкавічы”, “Баравое-2003”, ААТ “Маяк-78”, ААТ “Кастрычніцкая рэвалюцыя”.

Госць. На вуліцах горада многа матуль з дзіцячымі калыскамі. Падкажыце: колькі дзяцей нараджаецца за год?

Экскурсавод.  У 2014 годзе ў нас нарадзілася 15 немаўлят на 1000  насельніцтва пры абласным паказчыку 13,3. Мы займаем трэцяе месца па нараджальнасці ў Мінскай вобласці.

Госць. Які ахоп у раёне дашкольнай адукацыяй дзяцей з 1 да 6 гадоў?

Экскурсавод. Ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей з 1 да 6 гадоў складае 81%. Укараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі (групы кароткатэрміновага знаходжання, групы па навучанні плаванню, групы выхаднога дня, сямейнага тыпу, прагулачныя і гульнявыя пляцоўкі, пляцоўкі на даму ў педагогаў). У жніўні 2015 года ў Фаніпалі адкрываеццц новы дзіцячы садок на 100 месц, а ў кастрычніку  -дзіцячы садок  у г.Дзяржынску ў раёне сярэдняй  школы №4.

Госць. Што робіцца ў раёне па развіцці інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў?

Экскурсавод. У раёне праводзіцца сістэмная работа з навучэнцамі па развіцці  інтэлектуальных  здольнасцей.  Паказчыкам гэтай работы з’яўляецца выніковы ўдзел у алімпіядах і вучэбна-даследчай дзейнасці за 2014/2015 навучальны год- 34 дыпломы  на  ўзроўні вобласці, 6 дыпломаў на ўзроўні рэспублікі, 1 дыплом міжнароднага ўзроўню; у навукова-практычных канферэнцыях – 18 дыпломаў на ўзроўні вобласці, 43 дыпломы на ўзроўні рэспублікі,  17 дыпломаў міжнароднага ўзроўню, 11 навучэнцаў сталі стыпендыятамі Спецыяльнага  фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Госць. Я і мая сям’я хацелі б наведаць знакамітыя мясціны вашага рэгіёна. Парайце цікавы турыстычны маршрут.

Экскурсавод. У раёне існуе пяць краязнаўчых маршрутаў.

Маршрут №1: Станькава – Данілавічы – Любажанка – Новая Радзіма – Літавец – Аляксандрава.

Станькава: краязнаўчы музей, палацава-паркавы ансамбль, дом, дзе нарадзіўся Марат Казей, мемарыяльны комплекс;

Данілавічы: магіла Ф.А. Пікарэвіча, брацкія могілкі чатырох партызан атрада “5 год кастрычніка”;

Любажанка: Брацкія могілкі ахвяр фашызму і месца спаленай вёскі;

Новая Радзіма: курганы, брацкія могілкі савецкіх воінаў;

Літавец: мемарыяльны комплекс  ландшафтнага тыпу, брацкія могілкі ахвяр фашызму ці месца спаленай вёскі;

Аляксандрава: мемарыяльны ландшафтны помнік на Доўгім востраве, месца стаянкі партызанскага атрада Нікіціна, брацкія могілкі партызан.

Маршрут №2: Навасёлкі – Татаршчына – Скірмантава – Волма.

Навасёлкі: гісторыка-краязнаўчы музей, магіла Каруся Каганца, сядзіба памешчыкаў Кастравіцкіх;

Татаршчына: стаянка партызанскай брыгады імя Фрунзэ;

Скірмантава: магіла воінаў і ахвяр фашызму, краязнаўчы музей, гара Дзяржынская;

Волма: Успенскі касцёл, сядзіба Ваньковічаў, музей побыту, экалагічная сцяжына.

Маршрут №3: Баравое – г.п. Негарэлае  – Гарадзішча – Логавішча.

Баравое: краязнаўчы музей, капліца-ўсыпальніца, помнік савецкім воінам і землякам, брацкія могілкі савецкіх воінаў, помнік у гонар 100 –годдзя УЛКСМ;

Негарэлае: брацкія могілкі загінуўшых у канцлагеры, чыгуначны вакзал, брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан, воскапераапрацоўчы і вуллёвы завод;

Гарадзішча, Логавішча: пітомнік Негарэльскага вучэбна-даследчага лясгаса, музей прыроды, этнаграфічны музей.

Маршрут №4: Станькава – Дзяржынск.

Станькава: краязнаўчы музей, палацава-паркавы ансамбль, дом, дзе нарадзіўся Марат Казей, мемарыяльны комплекс;

Дзяржынск:  брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан, Пакроўская царква, гісторыка-краязнаўчы музей, касцёл Святой Ганны, магіла ахвяр фашызму, Кальвіншчына.

Маршрут №5: Павелкава – Вітаўка – Глухое Пярхурава – Курганы – Кавярляны.

Павелкава: помнік землякам;

Вітаўка: радзіма Маліноўскага І.С. – Героя Сацыялістычнай працы; крыніца, якая лічыцца свяшчэннай і гаючай (вада з яе вельмі дапамае пры хваробе вачэй і суставаў);

Глухое Пярхурава: былая вёска, спаленая ў час Вялікай Айчыннай вайны;

Курганы: могілкі ахвяр фашызму, мемарыяльная дошка, устаноўленая на месцы спаленай вёскі;

Кавярляны: брацкія могілкі савецкіх воінаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

На тэрыторыі раёна захаваліся помнікі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва: капліца-ўсыпальніца (пачатак XXст.) у вёсцы Баравое, Успенскі касцёл (2-я палова XVIII ст.) у вёсцы Волма;  сядзібы (XIX ст.) у вёсках Волма і Вялікія Навасёлкі, Свята-Пакроўская царква ( сярэдзіна XIX ст.) у вёсцы Дабрынёва, Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль і станькаўская Свята-Мікалаеўская царква (XIX ст.), касцёл (1836) у вёсцы Старынка, жылыя дамы (XIX ст.) у г.п. Негарэлае.

Госць. Едучы да вас, я даведаўся, што да вас прыезжае шмат людзей з розных рэгіёнаў Беларусі, каб адтрымаць дапамогу ў святой Валянціны Мінскай. Не маглі бы вы расказаць аб ёй  і падсказаць дзе знаходзіцца яе магіла?

Экскурсавод. Святая  блажэнная Валянціна  Мінская – Валянціна Фёдараўна  Сулкоўская (1888-1966) – нарадзілася ў в. Коскі ў сям’і  сельскага свяшчэніка. Бацька  Фёдар Чарняўскі служыў протаірэем у  Станькаўскай Свята-Мікалаеўскай царкве. У дзяцінстве Валянціна пела ў царкоўным хоры, закончыла Мінскае духоўнае жаночае вучылішча.  У 24 гады выйшла замуж за  калежскага саветніка Фёдара Сулкоўскага. У 1931 годзе муж быў арыштаваны, а ў  1933 годзе расстрэляны ў сталінскіх лагерах. Менавіта гэты  год лічыцца пачаткам падвіжначаскага “ляжання” матушкі Валянціны. У матушкі Валянціны адняліся ногі, і нават калі памерла яе маці ў 1937 годзе, яна не змагла ўстаць і развітацца з ёю. Усё астатняе  жыццё Валянціна практычна не ўставала з пасцелі, правяла яго ў малітвах і аказанні дапамогі людям у выглядзе настаўлення, добрай  парады, а калі-нікалі і гнеўнага  ўшчування.

Святая блажэнная Валянціна Мінская была  кананезіравана царквой 06 лютага 2006 года, роўна праз 40 год пасля смерці. Пахавана ў в. Крысава Дзяржынскага раёна.

Госць. Дзякуй за змястоўную экскурсію. Я абавязкова параю сваім землякам пабыць на вашай цудоўнай зямлі, падыхаць яе водарам і пазнаёміцца з руплівымі і працавітымі людзьмі, наведаць знакамітыя мясціны.

Настаўнік. Мы  ўсе нарадзіліся і выраслі на дзяржынскай зямлі, з гонарам носім званне дзяржынца, любім сваю малую радзіму і стараемся як мага больш даведацца пра гісторыю свайго рэгіёна. А зараз правядзём конкурс-віктарыну  “Знаўцы роднага краю”.

Адкажыце, калі ласка, на наступныя пытанні:

1. Прозвішча, імя, імя па бацьку старшыні Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта. (Мікалай Іванавіч Арцюшкевіч.)

2. Назавіце знакамітую дзяржынскую швейную фабрыку. (“Эліз”.)

3. Член Саюза мастакоў Беларусі, загадчык мастацкага аддзялення Дзяржынскай школы мастацтваў, ганаровы грамадзянін г.Дзяржынска, уладальнік медаля Францыска Скарыны.(Уладзімір Іванавіч Шчарбін.)

4. Спявачка, удзельніца міжнароднага вакальнага конкурсу “Еўрабачанне”, выпускніца гімназіі г.Дзяржынска. (Анастасія Віннікава.)

5. Спартыўныя футбольныя каманды Дзяржынскага раёна. (“Лівадыя”, “Лівадыя-Юні”.)

6. Адзін з вядучых вытворцаў вырабаў медыцынскага прызначэння. (“Унамедыкал”, г.Фаніпаль).

7. Член Саюза пісьменнікаў, паэтэса, якая многа друкуецца ў дзіцячым часопісе “Вясёлка”. (Рэгіна Рэўтовіч.)

8. Раённая газета. (“Узвышша”.)

9. Па колькасці насельніцтва наш раён займае ў вобласці … месца. (Восьмае.)

10. Як называецца стацыянарны дзіцячы аздараўленчы лагер, размешчаны ў пасёлку Энергетыкаў? (“Дружба”.)

11. Імя якога Герой Савецкага Саюза носіць сярэдняя школа ў вёсцы Станькава? (Марата Казея.)

12. Юны жыхар г.Фаніпаля, які прыняў удзел у конкурсе “Я спяваю” на тэлеканале АНТ. (Кірыл Жураўкін.)

13. Узорная эстрадная студыя Дзяржынскага гарадскога Дома культуры, назва якой “гаворыць” пра пазітыўны настрой. (“Задорынка”.)

14. Псеўданім беларускага пісьменніка Міраслава Вячаслававіча Адамчыка. (Шайбак.)

15. Філіял якой установы вышэйшай адукацыі знаходзіцца ў вёсцы Волма? (Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А.Д. Сахарава).

16. Якіх славутых  землякоў нашага роднага краю вы ведаеце?

Бірыла Мікалай Васільевіч (1923-1992) – нарадзіўся ў в. Скварцы Дзяржынскага раёна. Мовазнаўца, заслужаны дзеяч навукі Беларусі.

Вольскі Артур (1924-2002) – нарадзіўся ў г. Дзяржынску. Паэт, празаік, драматург, пераводчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Глобус Адам (1958 г.нар.) – нарадзіўся ў г. Дзяржынску. Паэт , празаік, мастак, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ярмаловіч Мікалай Іванавіч (1921-2000) – нарадзіўся ў в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна. Гісторык,  літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Івашын Васілій Уладзіміравіч (1913 г. нар.) – нарадзіўся ў в. Ляхавічы Дзяржынскага раёна. Літаратуразнаўца, педагог, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.

Каганец Карусь (1868-1918) – нарадзіўся ў г. Табальску, месца смерці – в. Прымагілье, сучасны Дзяржынскі раён. Паэт, празаік, драматург, мастак, грамадскі дзеяч.

Калеснік Іван Іванавіч (1932-1979) – нарадзіўся ў в. Грычына. Пабліцыст,перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Калюга  Лукаш 91909-1937) – нарадзіўся ў в. Скварцы Дзяржынскага раёна. Празаік, перакладчык.

Кроль  Абрам Іосіфавіч (1913-1990) – нарадзіўся ў г. Дзяржынску. Мастак.

Крыловіч Уладзімір Мікалаевіч (1895-1937) – нарадзіўся ў в. Крыловічы Дзяржынскага раёна. Акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Рыбак Алесь (1934 г.нар.) – нарадзіўся ў в. Макаўчыцы Дзяржынскага раёна. Празаік, член Саюза Пісьменнікаў Беларусі.

Тумаш Генадзій (1940 г. нар.) – нар. Ў в.Кукшавічы Дзяржынскага раёна. Паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Улашчык Мікалай  Мікалаевіч (1906-1986) – нарадзіўся ў в. Віцькаўшчына Дзяржынскага раёна. Гісторык, археолаг, празаік, перакладчык, доктар гістарычных навук.

Хадановіч Ігар Філіпавіч (1940-1966) – нарадзіўся ў в. Шпількі Дзяржынскага раёна. Празаік, паэт.

Шушкевіч Станіслаў Пятровіч (1908-1991) – нарадзіўся ў в. Бакінава Дзяржынскага раёна. Паэт, празаік, член Саюза  пісьменнікаў Беларусі. Заслужаны работнік культуры.

 Дзяржынск і Фаніпаль – гарады, якія хутка развіваюцца і зменяюць сваё аблічча. Якім вы бачыце аблічча нашага горада ў хуткім будучым?  (інтэрактыўны дыялог з навучэнцамі).

(Матэрыял для настаўніка):

У Дзяржынску ідзе вялікая работа па добраўпарадкаванні горада. Ужо завершана рэканструкцыя дзіцячага парка, працуюць новыя атракцыёны для дзяцей, маладыя мамы з дзіцячымі каляскамі з задавальненнем гуляюць па дарожках парку.  Набываюць  новы від дамы па вуліцы Карла Маркса, Першай і Другой Ленінскай. Запланавана будаўніцтва новага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра,  завяршаецца   будаўніцтва дзіцячага садка  і новага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Дзяржынскага раёна на вуліцы Астроўскага,  заканчваецца  будаўніцтва гандлёва-адміністрацыйнага будынка ў цэнтры горада. Літаральна на вачах змяняецца аблічча мікрараёнаў  Чыгуначны, Раднік, Пратасава. У раёне мікрараёна Раднік будзе ўведзены буйны гандлёвы комплекс,  добраўпарадкавана тэрыторыя вакол водасховішча “Валаханаўка”, плануюць нават, што будуць катамараны для катання. Новае аблічча набыла стэла пры ўездзе ў горад з боку Мінска, пабудавана сучасная транспартная развілка. Сучаснае і будучае  Дзяржынскага раёна залежыць у першую чаргу ад таленавітай і крэатыўнай моладзі, у характары якой прысутнічаюць  якасці грамадзяніна і  лідара. Мы сабраліся з вамі абмеркаваць, што канкрэтна можна зрабіць  для ператварэння горада Дзяржынска,  Дзяржынскага раёна ў лідараў сярод гарадоў і раёнаў Мінскай вобласці. Мы будзем з вамі складаць «партрэт Дзяржыншчны», які, безумоўна,  уключыць усе яе слаўныя традыцыі, дасягненні ў аграпрамысловай сферы, у галіне культуры, аховы здароўя, адукацыі і г.д. Але найперш скажыце, калі ласка, пра вашы ўяўленні аб сутнасці паняццяў «грамадзянін» і «лідар» (адказы вучняў).

Работа з ключавымі паняццямі.

Настаўнік. А цяпер давайце дакладна сфармулюем сэнс паняццяў «грамадзянін» і «лідар».

На слайдзе – фразы «Грамадзянін – гэта…», «Лідар – гэта…». Па меры таго як вучні адказваюць, на экран па адной выводзяцца фармулёўкі.

Грамадзянін гэта:

*чалавек, які мае актыўную  грамадскую  пазіцыю;

*патрыёт сваёй Радзімы, які імкнецца ўсё зрабіць для яе росквіту;

*чалавек, які сваімі справамі і ўчынкамі пакіне добры след у жыцці роднай краіны.

Лідар – гэта:

*адказны і ініцыятыўны чалавек;

*арганізатар і генератар ідэй;

*чалавек, які ўсю каманду вядзе наперад.

 

Выступленне госця.

Настаўнік прадстаўляе вучням спецыяльна запрошанага госця.

Настаўнік. Паважаны (паважаная) … ! А што значаць для вас паняцці “лідар”, “патрыёт” ?  Госць аргументуе сваю думку.  Затым вучні задаюць яму пытанні.

Прыкладныя пытанні для госця:

  • Мне здаецца, фарміраванне  асобы чалавека нашмат вызначаецца тым, якія людзі сустракаюцца на яго шляху. Скажыце, калі ласка, ці былі ў вашым жыцці лідары? Якую ролю яны ў ёй адыгралі? Ці ёсць такія лідары зараз?

  • Ці тоесныя паняцці “лідар” і “грамадзянін”?

  • Як выхававаць у сябе лідэра?

Дыскусія

На экране дэманструецца лесвіца з шасці прыступак. На першай напісана «лідар», на апошняй – «вынік».

Педагог арганізуе дыскусію “Як лідару дабіцца  станоўчага выніку ў сваёй дзейнасці?” У адпаведнасці з адказамі вучняў падпісвае прамежкавыя прыступкі: лідар – перспектыўнае мысленне – ідэя – ініцыятыва – вынік.

 

 Прэзентацыя ідэй і праектаў “Партрэт  Дзяржыншчыны”

(клас ператвараецца ў міні-кафэ, сталы пакрываюцца лістамі ватмана, якія адыграваюць ролю міні-сурвэтак, на сталах  лісты паперы А4,  фламастары, вучні рассажываюцца групамі, кожная група за адзін стол, уважліва слухаюць і абмярковываюць праекты, робяць запісы на лістах А4, а затым сумесна на лістах ватмана  распісваюць сваё меркаванне рашэння праекта.)

 Вучні прадстаўляюць свае праекты (вучнёўскае даследаванне на падставе  вывучэння гістарычных крыніц па гісторыі Дзяржыншчыны, правядзенне сацыялагічнага апросу па вызначаннай тэматыцы і  апрацоўка  яго вынікаў, складанне пытанняў для інтэрвью і яго правядзенне, у тым ліку з рэальнай асобай, складанне буклета, плаката, правядзенне рэкламнай кампаніі, падрыхтоўка арыгінал-макета кнігі ці часопіса аб гісторыі Дзяржыншчыны). Кожная прэзентацыя займае не больш за 7 хвілін.

Настаўнік гаворыць аб неабходнасці ведаў, знакавых асобах нашай Дзяржыншчыны і іх  дасягненнях, аб усім, чым можна ганарыцца.

2015 год – год новых магчымасцяў.

 Прамысловасць

 Аб’ём вытворчасці павялічыцца на 2,5%. Тэмп росту вытворчасці павінен скласці не менш за 112%.

Сельская гаспадарка

Аб’ём вытворчасці валавай прадукацыі сельскагаспадарчымі арганізацыямі плануецца павялічыць на 4,5%. Па выніках года прырост вытворчасці прадукцыі жывёлаводства павінен скласці 103,8%. Для гэтага неабходна атрымаць не менш за 81,7 тысяч тон малака, на 4,5 – 5% павялічыць вытворчасць прадукцыі буйной рагатай жывёлы і свініны. Валавы збор зернавых і зернебабовых культур па выніках года складзе 102,5 тысяч тон пры ўраджайнасці 48,7 цэнтнера з гектара. Вытворчасць бульбы плануецца на ўзроўні 13,4 тысяч тон пры ўраджайнасці 268 цэнтнераў з гектара.

Гандаль

Для павялічвання рознічнага таваразвароту праз усе каналы рэалізацыі на 4,5%  у 2014 годзе будзе ўдасканальвацца гандлёвая інфраструктура раёна, расшырыцца асартымент тавараў, укараняцца сучасныя метады гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і актыўныя формы гандлю.

Ужо адчыніліся магазіны: “Еўраторг” (пасёлак Энергетыкаў), “У Міколы” (горад Дзяржынск). Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю магазін “Вікас” у мікрараёне Раднікі, аб’екты ў рэканструюемым будынку гандлёвага комплексу па вуліцы Савецкай у Дзяржынску, адчыніць новыя фірменныя секцыі “Марк Фармэль”, “Эль Артура” Дзяржынскага райпа і аднавіць работу раней зачыненых сельскіх магазінаў.

Інвестыцыйная дзейнасць

У гэтым годзе запланаваны працяг рэалізацыі чатырох асноўных праектаў па стварэнні новых вытворчасцяў. Гутарка ідзе пра другую чаргу завода чыгуначнага і гарадскога пасажырскага электрычнага транспарту ААТ “Штадлер Мінск”, прадпрыемства па вырабе электрычных воданагравальнікаў і ацяпляльных катлоў “ФероліБел”, прадпрыемства па вытворчасці сродкаў механізацыі пасляўборачнай апрацоўкі зерня на аснове набыцця абсталявання вядучых сусветных кампаній “Элізер”, а таксама рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі вытворчых памяшканняў і набыцці абсталявання для прэскампрэсійнага фармавання “Ітэра-Пет”.

Плануецца пачаць будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці кандытарскіх вырабаў “Монтбрук-Кандытар”, рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў ААТ “Малочнік” пад мясаперапрацоўчую вытворчасць.

Раённая  дошка  гонару

Па  вынікам працы  народнагаспадарчага комплексу раёна  за 2014 год на раённую Дошку гонару занесены:

ЧПУП  “МАВ” 

Дырэктар Мінько Аляксандр Вайцяховіч

 

ААА “Фаніпальскі завод вымеральных прыбораў “Энэргамер”

Дырэктар Кабакоў Аляксандр  Мікалаевіч

 

ААА “Крутагор’е – Петкавічы”

Дырэктар Клімаш Юрый Пятровіч

 

ААА “Дзяржынскае  домабудаўнічае ўпраўленне”

Дырэктар Лічык Віктар Аляксандравіч

 

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама

Начальнік  Матусевіч  Вацлаў  Іванавіч

 

У інтэрактыўнай  форме ідзе абмеркаванне (суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй).  Вучні выказваюць свае ідэі (адлюстраваць у выглядзе відэаролікаў, прэзентацый аб гісторыі горада, раёна; аб гераічным  мінулым і цяперашнім нашага народа; аб людзях, якія ўнеслі  значны ўклад у гісторыю Дзяржыншчыны; інфармацыю аб дасягненнях ва ўсіх сферах жыцця і т.п.).

         Дыялог

Настаўнік. Паважаныя вучні! Якім вы бачыце будучае раёна і сваё будучае?

Якую прафесію вы выбіраеце? Менавіта чаму гэтую прафесію? Дзе б вы хацелі пабываць у Дзяржынскім раёне, каб больш дасканала азнаёміцца з патрабаваннямі  да выбранай прафесіі? Якую якасць характару трэба выхоўваць, каб стаць паспяховым чалавекам, унесці свой уклад у развіццё рэгіёна і заслужыць званне ганаровага грамадзяніна Дзяржынскага раёна?

Можа вы ведаеце ганаровых грамадзян Дзяржынскага раёна? Інфармацыя для настаўніка.

Гаркун Уладзімір Гіляравіч

Груша Васілій Паўлавіч

Жук Анатолій Міхайлавіч

Захожая Таццяна Уладзіміраўна

Каркашын Фёдар Паўлавіч

Кадлубовіч Леанід Іванавіч

Ксяневіч Ванда Станіславаўна

Малашка Надзея Піліпаўна

Мухураў Іван Паўлавіч

Навіцкі Віктар Антонавіч

Пятроўскі Вячаслаў Аляксандравіч

Салыга Віктар Васільевіч

Савіч Вольга Васільеўна

Сантаровіч Яўгенія Адамаўна

Чарняўская Яніна Сцяпанаўна

Шэвялёва Элеанора Трафімаўна

Шыкула Яўгеній Мікалаевіч

Шчарбін Уладзімір Іванавіч

Валахановіч Аляксандр Мікалаевіч

Стэльмах Аляксандр Аляксандравіч

Міронаў Іван Браніслававіч

Якімава Ганна Уладзіміраўна

Мірон Мікалай Уладзіміравіч

Настаўнік. Некаторыя вучні былі ў ролі карэспандэнтаў радыё і тэлебачання. Яны ўзялі інтэрв’ю ў бацькоў, суседзяў, настаўнікаў і жыхароў горада ці вёскі. Давайце ўважліва паслухаем адказы на пытанні.

Колькі пакаленняў тваіх родзічаў жывуць у Дзяржынскім раёне? Што вы ведаеце аб іх жыцці (прафесія, адукацыя, іх галоўны занятак, працоўныя і творчыя дасягненні, іх адносіны да малой радзімы, якую памяць яны пакінулі пра сябе, за што іх помняць і паважаюць)? Якіх славутых землякоў вы ведаеце? Ці хацелі б вы быць да іх падобнымі? Як патрэбна пражыць жыццё, каб аб цябе помнілі людзі?  У 2015 годзе мы адзначылі 70-годдзе  Перамогі ў Вялікай  Айчыннай  вайне і ў святочные дні мы гаварылі ветэранам “Дзякуй  за Перамогу”, а што канкрэтна  трэба рабіць, каб адзякаваць за мір, свабоднае дастойнае жыццё.

А цяпер разгадайце, калі ласка, красворд “Нашы слаўныя землякі”. (Па гарызанталі – адказы на пытанні, па вертыкалі павінна атрымацца слова “Будучыня”.)

         Пытанні:

  1. Мовавед, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, які нарадзіўся ў вёсцы Скварцы. (Бірыла.)

  2. Вядомы гісторык, доктар гістарычных навук. (Улашчык.)

  3. Сапраўднае прозвішча Адама Глобуса. (Адамчык.)

  4. Заслужаны работнік культуры, пісьменнік, які нарадзіўся ў вёсцы Бакінава. (Шушкевіч).

  5. Мастак, які ажыццяўляў праектаванне і мастацкае афармленне гарадскіх святаў, інтэр’ераў, будынкаў і рэкламы. (Мініч.)

  6. Аўтар аповесці “Трэба было жыць”, які нарадзіўся ў вёсцы Макаўчыцы. (Рыбак).

  7. Паэт, драматург, мовавед, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч. Пахаваны ў вёсцы Навасёлкі. (Каганец.)

  8.  Мастак, які ў васямнаццацігадовым узросце па просьбе прыхаджан дзяржынскай Пакроўскай царквы напісаў спісак са старажытнай мясцова шанаванай Слабодскай (Дзяржаўнай) цудатворнай іконы Божай Маці. (Мінчэня.)

 Па вертыкалі атрымаецца слова “Будучыня”.

 Скажыце, калі ласка, як доўга вы жывяце ў г. Дзяржынску (Фаніпалі і г.д.)? Ці падабаецца тут жыць? За што вы любіце свой горад (сваю вёску)? Якім (якой) вы бачыце яго (яе) праз некалькі гадоў? Што трэба зрабіць для гэтага?

 Настаўнік (абагульняе адказы). Калі мы хочам жыць у добраўпарадкаваным, прыгожым горадзе, вёсцы,  дзе ёсць усё неабходнае  для жыцця, правядзення вольнага часу, то трэба многа працаваць, выдатна вучыцца, быць дысцыплінаваным грамадзянінам… Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў: “Самая вялікая небяспека тоіцца ў нас у эканоміцы. Калі ў нас будуць працаваць прадпрыемствы і мы будзем атрымліваць такія ўраджаі, як у гэтым годзе, і будзем маналітна працаваць, як працуем, нам нічога не страшна”.

Праца – гэта галоўны набытак чалавека. І будзем заўсёды ўносіць свой уклад у развіццё рэгіёна і выхоўваць у сабе асобу. Разгортваем старонкі “Свет нашых захапленняў” і  “Натхненне”. Літаратурная старонка.

Аб чым вы марыце? Чым захапляліся   ў час летніх канікул? (Вучні расказваюць аб сваіх захапленнях у час летніх канікул.)

У газеце “Узвышша” часта друкуюцца нашы мясцовыя паэты, якія прысвечаюць свае вершы роднай Дзяржыншчыне, Беларусі. Паслухайце некаторыя з іх і паспрабуйце  самі скласці паэтычныя радкі да роднага краю.   ( вучні чытаюць складзеныя паэтычныя радкі).                    

 

     Беларусі      

Мая Белая Русь! Птушка вольная –

Незалежная. Самастойная.

Ты ў цэнтры Еўропы квітнееш,

 Развіваешся і харашэеш.

 

Беларускі народ ганарыцца

Вёскамі, гарадамі, сталіцай.

Ва ўсім свеце цяпер незабыўныя

Дасягненні краіны спартыўныя,

 

Але гэтак было не заўсёды:

Помнім мы ліхалецце, нягоды,

Больш за тысячу дзён акупацыі,

Партызанскія аперацыі.

 

Помнім крыкі і жах. У канцлагерах дзеці.

Не вярнуўся з вайны кожны трэці.

Помсціў ворагу кожны раён,

 Аперацыя “Баграціён”.

 

70 год з той вайны. Зніклі раны.

Парадзелі рады ветэранаў.

70-год – гэта мала і многа. Без вайны 70 год! Перамога!..

 

Мая Белая Русь!  Белакрылая!

Будзь свабоднай заўжды, наша мілая!

Антон  Анісовіч,

педагог-ветэран,

настаўнік гісторыі

ДУА “Навасёлкаўскі ВПК ДС-СШ”

 

Родная зямля

Зямля мая – з водарам хлеба,

Дзе веліч сівых курганоў,

 Дзе зоркі іскрыстыя ў небе

Імкнуцца да новых шляхоў.

 

Зямля  мая – дзіўная казка,

Прыбраная ў квецень садоў,

Жыве ў ёй матуліна ласка,

Пяшчоту нам дорыць,  любоў.

 

Прыгожых мясцін у нас багата

І мудрых, старых гарадоў,

Вяртаецца бусел дахаты,

На шчасце маіх землякоў.

 

Люблю абуджэнне прыроды

І водар духмяных лугоў.

Сваім ганаруся я родам

І песняй славутай вякоў.

Людміла Круглік,

настаўнік ДУА “Гімназія №1 г. Дзяржынска”

 

                              Дзяржынцы (аўтар – Таццяна Мойса,

                                                      метадыст  ВМК)

 

                       Жывём мы ў суладдзі – душою адзінай,

                       Крыніцай гаючай напоўніўшы лёс.

                       Дзяржынцы… У сэрцах гучыць штохвілінна,

                        Бо кожны спрадвеку імя дарагое нёс.

 

                        Шануем мы мову – багацце краіны –

                        І слухаем продкаў жывыя наказы.

                        Дзяржынцы… Жыццёвы кірунак – адзіны.

                        Не ўчынім мы іншым ніякай абразы.

 

                        З пашанай згадаем пра творцаў руплівых,

                        Хто хлебам і словам шчыруе надзённа.

                        Дзяржынцы… І кожны сумленна, цярпліва

                        Зярняты імкненняў нам дорыць заўсёдна.

 

                        Каштанаў пагляды запросяць шчымліва.

                        Прыроды гасціннай пачуе дабрыня.

                        Дзяржынцы… І думкі спазнаюць імкліва:

                        Святая ты доля, Дзяржынская сям’я!

 

Рэфлексія.

Вучні адказваюць на пытанне: “Што значыць для мяне сённяшні ўрок?”

Настаўнік падводзіць вынік з усяго сказанага. Дзякуе госцю за ўдзел ва ўроку.

Настаўнік. Я спадзяюся, што пасля сённяшняга мерапрыемства ў вашай свядомасці замацуецца інфармацыя аб мінулым, сапраўдным і будучым Дзяржыншчыны, вы ўсвядомілі неабходнасць асабістага ўкладу ў развіццё горада і рэгіёна. Дзякуй вам за актыўны ўдзел.

“Мы просім сабе доўгага жыцця. А між тым значэнне  маюць толькі глыбіня і яе высокае імгненне.  Будзем жа вымяраць час мерай самаразвіцця і духоўнасці!” – як пісаў калісьці Ральф Уолд Эмерсан.                


.: :.

Государственные символы
Республики Беларусь

/images/banners/hotlineROO.png

Внешние ссылки
Cайт Президента Республики Беларусь
Министерство образования
УО Миноблисполкома
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Официальный сайт Тихвинского городского поселения
Официальный сайт Тихвинского района
Детский правовой сайт
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Дзержинская районная библиотека

© 2002-2019 SCHOOLNET.BY

Всё нужное - просто, всё сложное - не нужно