Номинация “Эссе”.

Падгайскі Юрый Валянцінавіч.

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства

ДУА “Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №4 г. Дзяржынска”

 

Разважанне да дня настаўніка”.

Ідзе час, жыццё імкліва змяняецца, штодзённа межы вядомага нам свету пашыраюцца. Войны, палітыкі, вірусы, крызісы, працэсары, смс – усё гэта падрывае падмуркі самога жыцця, імкнення чалавека да шчасця.

Аднак ёсць у свеце пастаянная велічыня. Пастаянная у двух сэнсах: пастаянна з намі застаецца тое, што было закладзена нашымі настаўнікамі. І пастаянна чалавечай істоце неабходна вучыцца, задавальняць непераадольную смагу да ўсяго новага, да ведаў. З маленства мы, людзі, вучымся. І з маленства побач з намі настаўнікі. Напачатку - гэта бацькі, якія нас вучаць кахаць, любіць і ненавідзець, вучаць справядлівасці, вучаць хітрасці, закладваюць асновы нашага будучага існавання. Але наступае момант, калі ўжо неабходны іншыя веды, тады ў нашае жыццё прыходзіць Настаўнік.

Напэўна кожны можа ўзгадаць і прывесці прыклад: “У мяне быў Настаўнік!” Колькі разоў здаралася так, што прыходзілася чырванець за свае словы і ўчынкі, прыходзілася стрымліваць пачуцці злосці, а, часам, і наіўнай дзіцячай нянавісці, за тое што нас зноў вучаць, зноў указваюць, што рабіць. Але пасля, быццам халоднай хваляй, абдавала імклівай і бязлітаснай думкай, што ўсё ж такі правы ён. Як скаладана гэта было прызнаваць. Але як зараз лёгка ад таго, што лёс і яго выхаванне ўбераглі ад непатрэбных памылак.

На такіх уроках мы атрымоўвалі не толькі веды, з намі адбывалася пераўтварэнне. З нясмелага, сціплага, амаль “сляпога” чалавека, у дарослага, не па гадах, а па дзеяннях, у асобу. Мы даведваліся і засвойвалі, што такое праўда, і якой балючай і колючай яна можа быць, як любіць Радзіму, яе чароўную спадчыну, яе прыгажосць, легендарную мінуўшчыну, як неабходна нам свабода, як дыхаць поўнай груддзю, як не баяцца мець сваю думку, што такое сапраўдная дэмакратыя, як несці званне грамадзяніна з годнасцю, як моцна мы звязаны з іншымі людзьмі і, якую адказнасць маем перад імі. Мы вучыліся памятаць, пра безліч згубленых жыццяў, у тысячах безсэнсоўных войнах, пра герояў і пра злачынцаў, памятаць пра будучыню, бо ў ёй мэта, нашае шчасце. Гэта былі ўрокі жыцця, і толькі зараз стала зразумела, як неабходны яны былі, бо яны і ёсць самое нашае жыццё.

Але што найбольш здзіўляе, дык гэта тое, што з якой настойлівасцю і самааданасцю нас вучылі. Укладавалі веды, выхоўвалі, клапаціліся пра нас і нашу будучыню, хоць гэта і не было для нас зразумела. Колькі на гэтую авантуру было пакладзена сіл, цярпення, іх сумму не здольны, напэўна, падлічыць ніводны суперкамп’ютэр у цэлым свеце.

А зараз яшчэ здаецца, што ніхто не зможа навучыць лепш, чым зрабіў мой Настаўнік. Нашыя настаўнікі з’яўляюцца сапраўды гвардыяй, лепшымі. Яны такія, таму што выхоўваліся на трывалых ідэалах, можа, часам, і незразумелых сёння. Але яны верылі ў іх усёй душой, як верылі ў нас. Яны лепшыя, і лепш іх наўрацці будзе. І побач з імі і мы робімся лепш.