Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”

Школа жыццёвай мудрасці – “Этнашкола”

Віктарына

 

1. У хрысціян існуе свята Юр’е, якое прыпадае на 6 мая. Што яно сімвалізуе?

2. Якія магічныя дзеянні рабілі беларусы ў гэты дзень?

3. Як стаць уладаром папараць-кветкі?

4. Калі адзначаецца Наўскі вялікдзень і што азначае яго назва?

5. Што такое наузы?

6. У апошні месяц зімы беларусы адзначалі свята Грамніцы. Што яно сімвалізавала?

Каго нашы продкі ўшаноўвалі ў гэты дзень?

7. У структуры каляндарнай сістэмы вымярэння і парадкавання часу шырока прадстаўлены святы, якія маюць парнае ўвасабленне або сюжэтную закальцаванасць. Святы-спарышы сустракаюцца фактычна па ўсім святочным колазвароце: адно з іх распачынае пэўную сферу дзейнасці, а другое спыняе яе. Грамніцы адносяцца да такіх свят-спарышоў. Назавіце свята, якое знаходзіцца на процілеглым канцы колазварота.

8. Што з’яўляецца галоўнай дзеяй Грамніц?

9. На Гранай нядзелі

Русалкі сядзелі.

Ой, рана-рана,

Русалкі сядзелі…

Русалкі сядзелі,

На дзевак глядзелі.

Ой, рана-рана,

На дзевак глядзелі…

У беларускай народнай песні згадваецца “Граная нядзеля”. Якія яшчэ назвы яна мае? Калі адзначаецца?

10. Каго, на думку беларусаў, уяўляюць русалкі?

11. У гонар чаго святкуецца Сёмуха?

12. На працягу якога часу адзначаецца абрадавы комплекс сёмухавых свят? Згадайце некаторыя з іх, дайце апісанне і тлумачэнне.

13. На Сёмуху моладзь віла вянкі з галінак бярозы, чаромхі, аеру, палыну і іншых раслін. Якое культавае значэнне мелі гэтыя расліны?

14. Студзень багаты на святы. Пасля Каляд пачыналіся так званыя “Крывыя вечары”, якія працягваліся да Запускаў ( 20 студзеня ). У гэты час нашы продкі ладзілі шэраг святочных абрадаў. Адным з іх з’яўляецца гульня, якая атрымала назву “Жаніцьба Цярэшкі”. Дайце яе апісанне. Які сэнс нашы продкі ўкладвалі ў яе?

15. Кім у беларускай міфалогіі быў Цярэшка?

16. На другі дзень Калядаў з надыходам прыцемкаў збіралася некалькі гуртоў вясковай моладзі, пераапраналіся ў незвычайныя строі і з песнямі-віншаваннямі абыходзілі па парадку ўсе вясковыя хаты. Кожнаму ў гэтым гурце адводзілася пэўная роля: былі тут павадыр, музыка, механоша, запявала і “цыганы”. Кім, у адпаведнасці са старажытнымі народнымі ўяўленнямі, былі пераапранутыя калядоўшчыкі?

 

17. Неад’емным атрыбутам гурту калядоўшчыкаў, які, дарэчы, з’явіўся значна пазней, была Віфлеемская зорка. Яна мела 8 або 12 рагоў. Чаму?

18. “Не багі гаршкі лепяць, а людзі” – чаму ў жыцці вучыла гэта прымаўка?

19. Наш народ славіцца сваёй гасціннасцю, ветлівасцю. Якія рэчы побыту сімвалізуюць гэтыя рысы?

20. Узоры тканых і вышываных вырабаў – гэта зашыфраваны аповед пра жыццё народа. Што значыць – кветкі? – певень? – букет? – бусел?

21. Хлеб у беларусаў лічыўся сімвалам жыцця. З ім былі звязаны многія вераванні людзей. Хлеб увасабляў заможнасць, багацце, аўтарытэт, дабрабыт. Як сімвалічна малявалі хлеб на выявах ( знак хлеба )?

22. Колькі гадоў яму – хіба ўспомніш?

Уталяў ён наш голад не раз:

Сырадоем бываў ён напоўнен,

Дастаўляў на пакосы квас…

- піша Ніна Тарас пра ўсім добра вядомую пасудзіну, у якой так добра трымаць малако: доўга не скісае, а ў гарачыню – халаднаватае. Як называлася такая пасудзіна?

23.

А памажы, Божа,

Вясну-красну клікаць

На ціхае лета,

На спелае жыта.

А дай жа ты, Божа,

А ў полі капамі,

А ў гумне сціртамі,

А ў пуні вазамі,

А ў клеці зярнамі,

А ў млыне намолам,

А ў дзяжы падходам,

А на стале сыццю

Ды к добраму жыццю!..

Перад Вамі класічны ўзор песні-вяснянкі, у якой з тэмай прыходу заўсёды чаканай і жаданай вясны гучыць тэма любові да зямлі, да працы, да чалавека. Якія абрады суправаджалі гэтыя песні. У які перыяд яны праходзілі на Беларусі?

24. На фотаздымку – эпізод з абраду, які з’яўляецца вяршыняй абрадавых дзеянняў па закліканню вясны. Дзея адбывалася на палянцы, на самым высокім месцы якой рыхтавалі ўзвышша: хлопцы абкладвалі яго дзёрнам, засцілалі посцілку. На гэтае прыгожае месца садзілі галоўную гераіню дадзенага абраду. Ля яе ног рассцілалі абрадавыя ручнікі, на якія дзяўчаты клалі свае вянкі, упрыгожаныя зелянінай, абрадавае печыва і ежу : хлеб, масла, яйкі, сыр. Пры тым яны казалі розныя зычэнні, пажаданні, заклінанні:

- Як сонейка зямельку прыбірае,

 так і мы нашу …

прыбярэм, убярэм

на зайздрасць усім.

- …, … ,

наша … ,

дай нам жыта,

ды пшаніцы.

Як звалі галоўную дзеючую асобу, у гонар якой ладзілі гэта свята? ( Устаўце яе імя замест кропак. )

25.

Напярэдадні Благавешчання свята адбывалася,

І ўвесь чысцюткі дзень жывёла ўслаўлялася.

Мядзведзем жывёлу тую звалі,

І ў гонар яе нават свята спраўлялі…

 

 

Якую назву мае гэта свята?

 

26. Пакровы – свята, якое падзяляла год на летні і зімовы перыяды. На Беларусі і цяпер прытрымліваюцца залатога правіла народнай культуры:”На Пакроў зіма закрывае лета, Бог пячатае зямлю, і пасля гэтага дня да вясны ніхто не можа яе чапаць”. Прыгадайце прыказкі, прымаўкі, звязаныя з гэтым святам.

27. Існуе шмат прыкмет, звязаных з Пакровамі. Калі тыдзень да свята называлі “Бабіным”летам, то тыдзень пасля яго – “Дзявоцкім”. Чаму?

28. Дзяды – штогадовыя памінанні продкаў у сям’і і сваім родзе. Колькі разоў на год беларус ушаноўваў сваіх продкаў? Якія назвы яшчэ існуюць?

29. Што сімвалізуе сабой Спас? У гонар якога бажаства ладзіліся святы?

30. З колькіх частак складаюцца спасаўскія святкі ў беларускім народным календары?